ДНЕ́ПРА-ДАНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, грабеньчата-накольчатай керамікі культура. археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі на тэр. Усх. Палесся і паўн.-ўсх. Украіны. Вядома 250 помнікаў, з іх палова на тэр. паўд.-ўсх. Беларусі. Могільнікі (больш за 20) выяўлены толькі на тэр. Украіны.

Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, пазней земляробствам і жывёлагадоўляй. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю з агнішчам унутры, пл. 6—10 м². Пахавальны абрад трупапалажэнне на спіне ў яме, пасыпанне вохрай. Асн. форма керамікі — прысадзісты шыракагорлы і вастрадонны гаршчок з прамым вянцом, упрыгожаны адбіткамі грэбеня, трохвугольнымі наколамі і рыскамі, радамі глыбокіх ямак. Крамянёвы інвентар — пласціністыя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, скрабкі, нізкія трапецыі, вузкія і шырокія нажы, кароткія сегментападобныя сярпы, праколкі, вастрыі і інш., касцяныя прылады.

У.Ф.Ісаенка.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)